Программы по ПДД
Конкурс «Дорожный следопыт»



 
 
 
 




Новости / Новости, акции, мероприятия, события


09.08.2018 Барацьба са злом як лад жыцця


Гэтага мужчыну па знешнасці ніяк не аднясеш да пенсіянераў. Тым не менш, яго пенсіённаму пасведчанню амаль тры гады. Артур Гургелоевіч МАХМУДАЎ – ветэран Валожынскага райаддзела ўнутраных спраў. Пасля звальнення ў запас працягвае працаваць спецыялістам 1-й катэгорыі крымінальна-выканаўчай інспекцыі.

Пра тое, што лёс яго будзе звязаны з выключна мужчынскай прафесіяй, ён ведаў з маленства. Актыўна займаўся спортам, зачытваўся дэтэктывамі, не прапускаў ніводнага фільма пра вайну, армію, міліцыю. Асаблівыя ўражанні атрымаў ад стужак “Батальёны просяць агню”, “Афіцэры”, эпапеі “Вялікая Айчынная”. Калі ж дэманстравалі “Пятроўка, 38” і “Агарова, 6”, эмоцыі зашкальвалі. Вабілі юнака і марскія прасторы. Часта ў думках уяўляў сябе ў бушлаце і бесказырцы. У апошніх класах школы разам з сябрамі вырашылі стаць танкістамі. Абставіны склаліся такім чынам, што паступіў у Харкаўскае танкавае вучылішча толькі ён. Калі зразумеў, што агульныя планы давядзецца ўвасабляць аднаму, ідэя ўжо не здавалася прывабнай, таму накіраваўся ў Ліепая (Латвійская ССР). Там скончыў школу мараходнага складу і атрымаў накіраванне ў Каспійскую флатылію. Служба на ваенных караблях магла б стаць яго лёсам, калі б не складаная палітычная сітуацыя ў краіне. Пачаўся развал Савецкага Саюза, людзі па магчымасці імкнуліся ў родныя краі. Малады чалавек прыняў рашэнне вярнуцца дадому. Сябры, разам з якімі планавалі стаць танкістамі, за гэты час уладкаваліся ў РАЎС. Іх служба ішла паспяхова, таму і яму раілі разгледзець падобны варыянт. Для чалавека з “марскімі” спецыяльнасцямі знайсці работу ў Валожыне было складана, таму прапанова зацікавіла. Пачынаў у матарызаваным узводзе патрульна-паставой службы. Міліцэйскія будні не напалохалі, наадварот, сфарміравалася мэта: стаць супрацоўнікам крымінальна вышуку. Калі былы начальнік РАУС Валянцін Іванавіч Лапо даверыў пасаду малодшага оперупаўнаважанага, даў сабе зарок: зраблю ўсё, каб стаць сапраўдным прафесіяналам. Хутка атрымаў афіцэрскія пагоны і павышэнне. З гэтага моманту, ён – оперупаўнаважаны. Пасля была Акадэмія МУС і амаль 20 гадоў адданай службы ў крымінальным вышуку. Займаў пасады начальніка службы, 1-га намесніка начальніка РАУС. Сказаць, што работа падабалася – не сказаць нічога. Яна стала для Артура Гургелоевіча і яго сям’і ладам жыцця.

На просьбу ўспомніць цікавы выпадак з міліцэйскіх будняў, былы “опер” задумаўся. Зразумела, большасць з яго работы – складаная, часам жудасная інфармацыя, якая можа шакіраваць непадрыхтаванага чалавека. Не аднойчы даводзілася рызыкаваць жыццём. У 90-я гады не раз лавілі “на жыўца” бандытаў, што рабавалі машыны на шашы. Працавалі і разам з аператыўнікамі з іншых раёнаў. Аднойчы некалькі тыдняў правёў на Іўеўшчыне, прыкладаючы намаганні для раскрыцця цяжкага злачынства. Дзеля паспяховага завяршэння давераных спраў ніколі не шкадаваў сіл. Бывала і так, што шанцавала. Напрыклад, злачынцу, які краў аўдыяапаратуру з машын, “узялі” на дробязі – вынес с чужога падвала стары магнітафон. Пасля высветлілася, што на яго сумленні некалькі дзесяткаў крымінальных эпізодаў.

Жонка Вольга з сапраўднай жаночай мудрасцю ставілася да няпростых абавязкаў мужа, і зусім не здзівілася, калі сын – Артур-малодшы заявіў аб жаданні прадоўжыць справу бацькі. Сёння Артур Артуравіч – участковы інспектар. Служыць малады чалавек не першы год, у планах – працяг адукацыі і паглыбленне ў прафесію.

Калі падпалкоўнік А. Г. Махмудаў звальняўся ў запас, сябры і сваякі падказвалі паспрабаваць сябе ў іншых іпастасях. Разумны, адукаваны чалавек магчыма мог бы заняцца выкладчыцкай дзейнасцю, дабіцца поспеху у бізнесе ці на вытворчасці, аднак ён застаецца верны свайму прызваню. Падчас працы у крымінальным вышуку, займаўся раскрыццём злачынстваў, зараз ажыццяўляе нагляд за асобамі, што адбылі пакаранне. Упэўнены: служба ў органах унутраных спраў навучыла яго ўменню цаніць жыццё, сям’ю, дружбу. Часта, калі збіраюцца з сябрамі, – таксама ветэранамі РАУС, успамінаюць самае цікавае з тых часоў, калі кожны дзень без перабольшання быў прысвечаны барацьбе са злом. Артур Гургелоевіч мае мноства ўзнагарод, сярод якіх – медаль “За бездакорную службу” 3-й ступені. А яшчэ ён – адзін з першых міліцыянераў краіны, якія з’яўляюцца ўладальнікамі бронзавай статуэткі Архангела Міхаіла – апякуна праваахоўных органаў.

Валянціна КРАЎНЕВІЧ, фота аўтара


Перейти к полному списку »
В начало
Карта сайта